«САЮ́З МІХАІ́ЛА АРХАНГЕ́ЛА»,
«Рускі народны саюз імя Міхаіла Архангела», чарнасоценная (гл. Чарнасоценцы) арг-цыя ў Расіі ў 1908—17. Узнік у пач. 1908 у выніку выхаду з «Саюза рускага народа» шэрагу ультраправых дзеячаў на чале з У.М.Пурышкевічам (старшыня саюза да лют. 1917). Названы ў гонар нябеснага апекуна цара Міхаіла Фёдаравіча, заснавальніка дынастыі Раманавых. Кіруючы орган — Гал. палата з 14 членаў (у Пецярбургу). Аддзелы ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску і інш. Праграма ў значнай ступені супадала з праграмай «Саюза рус. народа», але прызнавала неабходнасць Дзярж. думы пры поўным пазбаўленні выбарчых правоў яўрэяў, падтрымлівала агр. палітыку П.А.Сталыпіна. Дзеячы «С.М.А.» выступалі ў друку (газ. «Колокол», штотыднёвікі «Прямой путь», «Зверобой»), распаўсюджвалі свае кнігі і брашуры, праводзілі сходы, гутаркі, масавыя акцыі, арганізоўвалі антысеміцкія кампаніі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дзейнасць «С.М.А.» спынена.
А.І.Валахановіч.
т. 14, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)